БАРЫ́С І ГЛЕБ (не пазней за 988—1015),

першыя ўсх.-слав. святыя, малодшыя сыны кіеўскага кн. Уладзіміра Святаславіча і балгарыні Мілалікі. Відаць, Уладзімір планаваў пакінуць Барысу княжанне ў Кіеве, што парушала родавыя звычаі Рурыкавічаў і правы старэйшых братоў. Паводле розных гіст. крыніц, Б. і Г. забіты неўзабаве пасля смерці Уладзіміра старэйшым з братоў — Святаполкам Яраполчычам, за што яму нададзена мянушка «Акаянны». Магчыма, забойцаў падаслаў трэці сын Уладзіміра Яраслаў Мудры, які віну за гэтае злачынства ўсклаў на Святаполка. Відаць, Святаполк выклікаў на Русі агульную нянавісць з-за таго, што абапіраўся на дапамогу цесця, польскага караля Баляслава. Пасля смерці Уладзіміра Святаполк планаваў скасаваць хрысціянства і аднавіць на ўсх.-слав. землях язычніцкае веравызнанне або паставіць Кіеўскую мітраполію ў залежнасць ад рымскага папы. Гэта давала магчымасць Яраславу выступіць супраць Святаполка пад заклікамі помсты за братоў і абароны Русі, а дзеячам царквы прадставіць Б. і Г. не толькі як ахвяр феад. барацьбы, але і як пакутнікаў за веру. Магчыма, Глеб зусім не ўдзельнічаў ва ўсобіцы, а загінуў каля Смаленска ў ходзе язычніцкіх бунтаў, што пачаліся пасля смерці Уладзіміра. Шанаванне (відаць, толькі Глеба) пачалося не раней за 1038, афіц. кананізацыя Б. і Г. адбылася не раней за 1071 пры Ізяславе Яраславічу. На працягу стагоддзяў склаўся корпус прысвечаных святым літ. твораў, якія аб’ядноўваюцца ў т.зв. Барысаглебскі цыкл (чытанне, жыціе, пахавальныя словы, тэксты царк. службаў, летапісная аповесць, пралажныя і парамійныя казанні, старабел. «Слова пра манаха Марціна» і інш.). Найб. маст. дакладнасцю вылучаецца «Сказанне пра Барыса і Глеба». Пераважная большасць помнікаў Барысаглебскага цыкла мае бел. рэгіянальныя варыянты або бел. рэдакцыі пазнейшага часу, створаныя як правасл., так і уніяцкімі кніжнікамі, таму што на бел. землях Б. і Г. заўсёды ўспрымаліся як нац. святыя. Прысвечаныя Б. і Г. літ. творы асуджалі братазабойчыя міжусобныя войны і неслі патрыят. і гуманіст. ідэі. У 12 ст. Барысаглебскія цэрквы былі пабудаваны ў Гродне, Полацку, Тураве, Навагрудку.

С.​Л.​Гаранін.

т. 18, кн. 1, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)